24 лістапада 2011 выбітны праваабаронца, адзін з пачынальнікаў і лідэраў грамадзянскай супольнасці незалежнай Беларусі, чалавек, чыя дзейнасць вядомая сотням і тысячам людзей не толькі на радзіме, але і ў замежжы, Алесь Бяляцкі быў несправядліва і мэтанакіравана асуджаны да чатырох з паловаў гадоў пазбаўлення волі. Шматгадовая дзейнасць Алеся Бяляцкага зрабіла яго сябрам тых, хто цярпеў ад прыніжэння правоў чалавека ў Беларусі, і ворагам для тых, хто санкцыянаваў і здзяйсняў тыя прыніжэнні. Яго прызналі вінаватым ў быццам бы здзейсненым “ухіленні ад выплаты сум падаткаў у асабліва буйным памеры”.
Распачынанне крымінальнай справы супраць Алеся Бяляцкага, наступнае яе вядзенне і вынесенне прысуду мелі неправавы характар. Парушэнні працэсуальнага заканадаўства стала прысутнічалі падчас следства і судовага разбіральніцтва. Так, незаконна ў дачыненні да Алеся Бяляцкага была ўжыта мера стрымання ў вяглядзе ўтрымання пад вартай. Следства, не імкнучыся да ўстанаўлення ісціны па справе, адмовілася звярнуцца да фундацыяў, якія пералічвалі сродкі Алесю Бяляцкаму, з запытам аб іх мэтавым прызначэнні, ігнаруючы адпаведнае прадпісанне з боку пракуратуры.
Пад час судовага працэсу стала відавочным, што прычынаю распачынання крымінальнага пераследу Алеся Бяляцкага стала ягоная шматгадовая дзейнасць на ніве абароны правоў чалавека ў Беларусі. Разам са сваімі калегамі з праваабарончага цэнтру “Вясна” ён непахісна станавіўся на абарону тых, чые правы парушаліся дзяржаўнай машынай. Асуджэнне Алеся Бяляцкага стала яшчэ адным крокам у шматгадовай рэпрэсіўнай палітыцы ўладаў Беларусі ў дачыненні да праваабарончых арганізацый. Да прымусовага пазбаўлення афіцыйнага статусу праваабарончых арганізацыяў, забароны іх ўтварэння ў краіне, крыміналізацыі дзейнасці незарэгістраваных арганізацый, стварэння разнастайных перашкодаў і ціску з боку спецслужбаў цяпер дадаўся і такі надуманы спосаб абвінаваціць і засудзіць абаронцу правоў чалавека, які быў выкарыстаны супраць Алеся Беляцкага.
Мы выказваем сваё рашучае абурэнне вынесеным Алесю Бяляцкаму прысудам і лічым, што крымінальная справа супраць яго не мае нічога агульнага з агучанымі ў судзе мэтамі, і была распачатая выключна як сродак ціску і рэпрэсій супраць праваабаронцы, яго калег з цэнтру “Вясна” і ўсяго праваабарончага руху краіны ў прыватнасці. Мы перакананыя, што прысуд мае незаконны характар. Мы патрабуем адмены незаконна вынесенага прысуду і неадкладнага вызвалення Бяляцкага.
Падпісваючы петыцыю, мы выказваем сваю шчырую падтрымку Алесю і спадзяемся на ягонае хутчэйшае апраўданне і вызваленне справядлівым судом. Мы заклікаем усіх грамадзян Беларусі, прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці выступіць у падтрымку Алеся Бяляцкага і патрабаваць ягонага найхутчэйшага вызвалення.


